У тык-току досыць папулярны фармат, калі некалькі людзей з розных краін называюць пераклад якога-небудзь слова на сваёй мове. Bet News папаліся відосы «Палоніі» са Сьроды Велькапольскай (дарэчы, гэты клуб у 1946 і 2000 гадах быў чэмпіёнам сваёй краіны, але ў 2013-м стаў банкрутам і апусціўся адразу ажно ў чацвёрты польскі дывізіён, а зараз гуляе ў Д2). Гонар беларускай мовы ў інтэрнацыянальнай кампаніі адстойвала 22-гадовая экс-футбалістка зборных Беларусі U-15, U-17 і U-19 Ганна Скрыганава. З нагоды Міжнароднага дня роднай мовы мы пагутарылі з выхаванкай мазырскага футбола пра яе любоў да беларускай мовы, роднай краіны і гульні нумар адзін.

— Увогуле ці часта прэс-служба твайго клуба здымае відэа з перакладамі слоў?
— Стабільна раз на год.
— Вам жа перад здымкамі не кажуць, што гэта за словы?
— Аператар кажа гэта слова непасрэдна перад самімі здымкамі.
@poloniasrodawlkp Choinka, arvore de Natal…renifer, a może pivnichnyy Olen #dc #viral_video #launguage #fyp #viral ♬ dźwięk oryginalny - poloniasrodawlkp
— У гэтых відосах, здаецца, ты крышачку хвалюешся?
— Ой, хвалююся, нават не крышачку:) Зараз знаходжуся ў польскамоўным асароддзі, таму часам блытаю беларускую, польскую і іншыя мовы.
— Ці дапамагло валоданне роднай мовай хутчэй засвоіць польскую?
— Стоадсоткава! Дзякуючы беларускай мове тут было значна лягчэй адаптавацца і вывучыць польскую. Гэтыя мовы падобныя, маюць шмат падобных слоў.
— Увогуле ці шмат у цябе ў жыцці было беларускай мовы?
— З беларускай мовай я сутыкалася яшчэ ў школе. І адзін са школьных іспытаў я здавала па-беларуску. Падабаецца слухаць музыку на роднай мове і проста разумець, што гэта мова нашага народа.
— Перыядычна ў тваіх сацыяльных сетках таксама з'яўляюцца цытаты на беларускай мове.
— Так, часам пішу і нешта выкладаю на беларускай мове. Бо гэта мне падабаецца і класна выглядае.

— Ты зараз гуляеш у другім польскім дывізіёне. Ацані ўзровень гэтага турніра. Адчуваецца, што твой клуб калісьці быў чэмпіёнам краіны?
— Узровень лігі дастаткова добры, ёсць і канкурэнцыя, і шмат моцных каманд. Адчуваецца, што «Палонія» мае гісторыю і амбіцыі. Зараз перад намі стаіць задача выйсці ў Экстралігу, і ўся каманда працуе дзеля дасягнення гэтай мэты.
— За жыццё ты выступала ўжо ў Беларусі, Польшчы, Венгрыі, Турцыі і Казахстане. Дзе жаночы футбол найбольш развіты?
— У кожнай краіне ёсць свае асаблівасці. На маю думку, жаночы футбол яшчэ толькі развіваецца па ўсім свеце. З кожным годам умовы становяцца лепшымі. І паўсюль цікавасць да жаночага футбола толькі расце.
— Трэнеры зборнай табой не цікавяцца? Ці ёсць жаданне трапіць у галоўную каманду краіны?
— Кожны футбаліст хоча гуляць за зборную сваёй краіны і прадстаўляць яе на міжнародным узроўні. Я працягваю працаваць і рабіць усё магчымае са свайго боку. Але на дадзены момант канкрэтнага кантакту няма.
— Увогуле ў другой польскай лізе рэальна зарабіць грошы? Каб можна было адкласці.
— Зарабіць можна, і адкласці таксама магчыма. Усё залежыць ад клуба і ўмоў. Пытанне толькі ў тым, колькі застаецца, бо гэта залежыць ад выдаткаў на жыццё. У цэлым для жыцця гэтага дастаткова — можна жыць камфортна. Але грошай, як вядома, шмат не бывае.

— Што для цябе Мазыр?
— Мазыр — гэта мой родны горад. Гэта маё дзяцінства, месца, дзе я вырасла і зрабіла свае першыя крокі ў футболе. Там засталося шмат маіх блізкіх. Я заўсёды з радасцю ўспамінаю гэты горад і ніколі не стамлюся тлумачыць, дзе менавіта ён знаходзіцца:)
— Мазырская «Славія» пасля доўгіх гадоў вярнулася ў топ-3 чэмпіяната Беларусі, у мінулым годзе ўзяўшы бронзу. Сочыш за выступам каманды?
— Так, канешне, сачу за выступамі «Славіі». Заўсёды прыемна бачыць іх поспехі. Радасна, што каманда зноў паказвае добрыя вынікі. Жадаю ім далейшага развіцця і новых перамог!
— Чым увогуле захапляешся па жыцці?
— Асноўную частку майго жыцця займае футбол. Дадаткова працую персанальным трэнерам [у сілоўні] і развіваюся ў гэтым напрамку — карысна і для мяне, і для іншых. Мне падабаецца дапамагаць людзям і пастаянна працаваць над сабой.

Бліц-апытанка!
— Самая моцная футбалістка, супраць якой прыходзілася гуляць?
— Было шмат моцных суперніц, але калі браць апошні год, то магу вылучыць Паўліну Томасяк — адну з лідэрак зборнай Польшчы.
— Чэмпіянат, у якім марыш пагуляць?
— Мару выступаць у іспанскім чэмпіянаце, вельмі падабаецца іх стыль гульні.
— Інстаграм ці тык-ток?
— Інстаграм.
— Хлопец-футбаліст ці хлопец-айцішнік?
— Футбаліст-айцішнік:)
— Любімае слова на роднай мове?
— Каханне, калі ласка, смачна есці:) Дзякуй!
Ксёндз Гусар распавёў, як беларусы занялі 8-е месца на каталіцкім Еўра
Как девушка из деревни на 50 человек стала лучшим игроком Беларуси

Аўтар: Мікіта Пастухоў.
Фота: Мікіта Пастухоў, Віктар Рахоўскі.
